Шталаг №354

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Баравухі-1 знаходзіўся лагер для ваеннапалонных Шталаг №354. Тут утрымлівалася каля 18 тыс. чалавек, у тым ліку і грамадзянскае насельніцтва. На красавік 1942 г. у жывых заставалася каля 500 чал. Іншыя загінулі, толькі нязначная частка здолела ўцячы.

Па ўспамінах сведкаў, палонныя дастаўляліся ў Баравуху-1 як па чыгунцы (у паўвагонах), так і пешымі калонамі з Полацка.

На лагерных нарах, прадстаўленых перад вамі людзі спалі па трое. У экспазіцыі вы можаце ўбачыць і малюнкі вязня лагера Шталаг №354 Мікалая Абрыньбы.

Ваеннапалонных ратаваў старэйшы доктар санчасці Сцяпан Васільевіч Бяляеў. Разам з лекарам Кастусём Шадурскім ён прапанаваў немцам арганізаваць барак для хворых сыпным тыфам у закінутым лазнева-пральным аддзяленні. Адгэтуль пад выглядам памерлых везліся ваеннапалонныя, якія потым папаўнялі партызанскі атрад «Няўлоўныя».

 Перыядычна вязні ўладкоўвалі ўцёкі са Шталага №354. У камендатуры вязнямі-мастакамі Мікалаем Гуціевым і Мікалаем Абрыньбам былі выкрадзены бланкі пропускаў. Гуціеў М. выразаў нямецкую пячатку з гумовай падэшвы і старанна хаваў яе пад падлогай. Вязень Ведзянееў Анатоль, які дасканала валодаў нямецкай мовай, падрабляў тэксты нямецкіх пропускаў «Аўсвайсаў».