Выстава вышыўкі стужкамі Вольгі Задоранка "Вальс кветак"


11 снежня 2012 года ў выставачнай зале музея гісторыі і культуры прайшло адкрыццё выставы вышыўкі рознакаляровымі стужкамі палачанкі Вольгі Задоранка.

За вокнамі снежань. А ў выставачнай зале музея гісторыі і культуры горада /Юбілейная, 1/ расцвілі півоні, рамонкі, хрызантэмы, астры і ружы, ружы, ружы… Наступіла сапраўднае лета – вышытае рознакаляровымі стужкамі. Яе аўтар – Вольга Задоранка, спецыяліст аддзела продажаў Полацкага філіяла МТС.

Займацца ручной вышыўкай стужкамі пачала 3 гады таму, пасля нараджэння дачкі. Калі ўпершыню пабачыла гэта вытанчанае майстэрства, падумала, што паўтарыць такое немагчыма. Але паспрабаваць не пабаялася… І прачнуўся талент. Спачатку Вольга вышывала маленькія сувеніры, упрыгожванні, потым занялася больш вялікімі работамі. У нашым горадзе, ды ўвогуле ў Беларусі, вышыўка стужкамі не распаўсюджана так, як вышыўка крыжам. Яна бярэ свае карані з Антычнасці, а найбольшае развіццё атрымала ў эпоху ракако ў Францыі, пры каралі Людовіку ХV. На сёння вельмі папулярна ў Англіі, Францыі, Італіі. На тэрыторыі былога СССР вышыўка стужкамі, забытая пасля Другой сусветнай вайны, паступова адраджаецца. І ў першую чаргу, дзякуючы энтузіястам – такім, як Вольга Задоранка.

Мова кветак зразумела нямногім. Але хто спазнае яе, можа дакрануцца да тайны прыроды і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым. З дапамогай кветак можна перадаць самыя розныя пачуцці. Любімыя кветкі Вольгі – ружы, на выставе іх больш за іншыя. А каларыт спакойны, пастэльны. У сваіх работах аўтар здолела спалучыць атласныя і шаўковыя стужкі з беларускім льном.

Завітайце ў выставачную залу, паглядзіце сапраўдную прыгажосць і ваша сэрца напоўніцца чыстым святлом, чалавечай цеплынёй і пяшчотай. А радаваць яна нас будзе да 15 студзеня.

Навуковы супрацоўнік
Вера Шушко

10 студзеня 2013 года выставачная зала запрашае аматараў гэтай разнавіднасці дэкаратыўнага мастацтва на майстар-клас Вольгі Задорака. Даведкі па тэлефону: 53-42-16

108