Выстава графікі, прысвечаная году кнігі, "Беларускі АРТ-алфавіт"


Устойлівы ўздым цікавасці да беларускай нацыянальнай культуры, да яе характэрных асаблівасцей і рысаў з’яўляецца своеасаблівым рухавіком для пошукаў творчых людзей, улюбённых у гісторыю і культуру сваёй радзімы. Беларуская мова, беларускі алфавіт, абрысы літар, устойлівыя выразы, прыказкі, гумар. У іх захоўваецца ўнікальны светапогляд беларуса, адбіваюцца розныя адценні гістарычных змен, каларыт і самабытнасць нацыянальнай культуры.

Новы погляд на выхаваўчыя магчымасці роднай мовы праз яе візуалізацыю ў мастацкім творы аб’яднала ў творчым пошуку 17 мастакоў, якія прапануюць на суд гледача незвычайны мастацкі праект “Беларускі АРТ-алфавіт”, які дае магчымасць паглядзець пад іншым вуглом на складнікі мовы: літару, гук, выраз, тыповыя вобразы, увасобіць іх у форме гульні, пераасэнсаваць змены і асаблівасці роднай мовы, стварыць, візуалізаваць яе сучасны выгляд, і тым самым зрабіць намаганне да паразумення з уласнай існасцю, ў якой адбываецца сінтэз розных моўна-культурных напластаванняў. Выхаванне цікавасці да асаблівасцей нацыянальнай кніжнай культуры, вобразнасці мастацкага свету, наогул, спалучэнне прадметнай выявы і літары ў адзіным вобразе твора фарміруе асобны кірунак творчасці, складаны і шматзначны. Пявучыя лініі і вытанчаныя выявы – багаты асацыятыўна-тэматычны матэрыял для разважанняў і пачуццяў.

У праекце, куратарам якога з’яўляецца Кацярына Мясникова, прынялі ўдзел як знакамітыя беларускія майстры, так і маладыя мастакі, дызайнеры, з традыцыйным і асабістым светапоглядам на сучасную знакавую сістэму.
Праект “Беларускі АРТ-алфавіт”, прысвечаны году кнігі, аб’ядноўвае мастакоў, якія працуюць у розных відах мастацтва: графіка, жывапіс, скульптура, фотамастацтва, ДПМ (дэкаратыўна-прыкладное мастацва), а таксама майстры інсталяцыі. Прыгажосць слова, прывабнасць свету роднай мовы– галоўная тэма праекта.

Да ўвагі наведвальнікаў - саматканая азбука Святланы Баранкоўскай, шрыфты Рыгора Клікушына, ініцыялы і ілюстрацыі Ўладзіміра Басалыгі, экслібрысы Юрыя Якавенкі, жывапісныя творы Ганны Карасёвай, Валерыя Шчаснага і Алега Кастагрыза, фотакалаж Аляксея Карасёва, скульптуры Аляксея Яўсеева, каліграфія Марыны Круглікавай, лічбавы друк Кацярыны Мясніковай, інсталяцыя Алеся Марачкіна, каліграфія Генадзя Мацура і інш.

93