Першае згадванне Баравухі

Першае згадванне Баравухі адносіцца да 1812 г. На карце Клясціцкіх баёў 1812 г. паказана мястэчка «Баравуха». 

Паход на Расію Напалеон пачаў 24 чэрвеня 1812 г. Французы занялі Полацк 14 ліпеня 1812 г. і сканцэнтравалі ў ім значныя вайсковыя сілы. Напалеон паставіў задачу захапіць абедзве расійскія сталіцы: Маскву і Пецярбург. Скарэнне Масквы Напалеон адвёў сабе, а захоп Санкт-Пецярбурга даручыў маршалам Удзіно і Макдональду. 

Праз тэрыторыю, дзе цяпер размешчана мястэчка Баравуха,  напярэймы войскам Удзіно з боку г. Дрысы, выступіў атрад рускага генерала Вітгенштэйна, у задачу якога ўваходзіла не прапусціць непрыяцеля да Санкт-Пецярбурга. У авангардзе атрада Вітгенштэйна ішоў гусарскі полк генерала Якава Кульнева. Якаў Кульнеў з'яўляўся ўслаўленым палкаводцам і быў узнагароджаны залатой шабляй з надпісам «За адвагу». Сам Напалеон лічыў яго адным з лепшых рускіх генералаў.

З 18 па 21 ліпеня 1812 г. у раёне Полацка ішлі бязлітасныя баі паміж сіламі Рускага войска і войскам Напалеона. У адным з такіх баёў пад Клясціцами 20 ліпеня 1812 г. генерал Якаў Пятровіч Кульнеў быў смяротна паранены. Перад смерцю генерал папрасіў зняць з сябе ўзнагароды і генеральскі мундзір, каб французы не даведаліся пра яго гібель.

25 ліпеня для ўмацавання войскаў Удзіно Напалеон скіраваў з Бешанковіч у Полацк Баварскі корпус пад агульным камандаваннем Ларан-Гувіён Сэн-Сіра.

Увечары 7 кастрычніка пачалася бітва за Полацк, якая працягвалася да глыбокай цемры. У тры гадзіны ночы рускія войскі вырашылі прарвацца ў цэнтр горада. 12-я дружына пецярбургскага апалчэння пад камандаваннем палкоўніка Нікалаева нечакана для французаў прабілася да моста праз раку Палату. Рускія ваяры-ратнікі рынуліся ў штыкавую атаку, амаль заліваючы мост крывёй забітых.

8 кастрычніка 1812 г. Полацк быў цалкам вызвалены ад французаў.