Будаўніцтва чыгуначнай станцыі

Важнай старонкай у гісторыі Баравухі з'яўляецца будаўніцтва чыгуначнай станцыі ў 1866 г. Да з'яўлення чыгункі практычна ўсе таварныя і пасажырскія перавозкі ў раёне мястэчка ажыццяўляліся баржамі і параходамі па Заходняй Дзвіне.

Стандарт памеру чыгуначнай каляіны быў прыняты – 1524 мм, вельмі папулярны ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў ЗША.

Станцыя Баравуха была пабудавана на Дынабурга-Віцебскай чыгунцы, што з'яўлялася да канца XIX ст. адзінай з чыгуначных ліній Расійскай імперыі, якая цалкам належала замежнай кампаніі. Кампанія, якая будавала дадзеную чыгунку была заснавана ў 1863 г. лонданскімі банкірамі Фрюлінгам і Гешэнам. Яе кіраванне знаходзілася ў Лондане і на Дынабурга-Віцебскай чыгунцы дзейнічала англійскае заканадаўства.

Першыя работы па будаўніцтве Дынабурга-Віцебскай чыгункі пачаліся ў ліпені 1863 г. Яна майстравалася ў адзін пуць англійскім інжынерам Уільямсам і ўводзілася ў строй пляцоўкамі па графіку: травень 1866 г. – Дынабург-Полацк (151 вярста); кастрычнік 1866 г. – Полацк-Віцебск (94 вярсты).

Будынак станцыі Баравуха-1 быў пабудаваны ў 1872 г. і ўяўляў сабою двухпавярховы рублены драўляны будынак. На першым паверсе знаходзіліся памяшканні кацельні, пуцевікоў, білетнай касы, дзяжурнага па вакзале і зала чакання.

У 1895 г. у выніку зліцця трох чыгунак: Рыга-Дынабургскай, Дынабурга-Віцебскай і Віцебска-Арлоўскай, з'явілася Рыга-Арлоўская чыгунка.

Кіраванне дарогі знаходзілася ў горадзе Рызе. Працягласць Рыга-Арлоўскай чыгункі на 1913 г. складала 1546,7 км, у тым ліку 783,3 км двухкалейнага шляху.

            Рухомы склад дарогі складаўся з 515 паравозаў, 13864 таварных вагонаў, 819 пасажырскіх вагонаў.