Вызваленне Баравухі

У маі 1944 г. стаўка Галоўнакамандуючага Ўзброеных сіл СССР разгледзела і ўхваліла план наступальна-вызваленчай аперацыі пад кодавай назвай «Баграціён» па знішчэнні нямецкіх войскаў у Беларусі. Часткай гэтага плана з'яўлялася Полацкая аперацыя, у якой прымалі ўдзел: 4-ая ўдарная армія (камандуючы генерал-лейтэнант Пётр Малышаў), падраздзяленні 6-ай Гвардзейскай Арміі (камандуючы генерал-палкоўнік Іван Чысцякоў), 3-яя паветраная армія (камандуючы генерал-лейтэнант Мікалай Папівін), 1-ы танкавы корпус (камандуючы генерал-лейтэнант танкавых войскаў Васіль Буткоў).

Немцы менш за ўсё чакалі наступу савецкіх салдат на Полацк з поўдня, дзе існуе такая магутная перашкода, як рака Заходняя Дзвіна. Аднак пад напорам армій 1-га Прыбалтыйскага фронту, якім камандаваў генерал Іван Хрыстафоравіч Баграмян не выстаяла і гэта перашкода. З 29 чэрвеня па 4 ліпеня 1944 г. за Полацк доўжыліся жорсткія баі.

Да шасці гадзін раніцы 4 ліпеня 1944 г. Полацк быў цалкам вызвалены ад акупантаў. Першымі ў Баравуху-1 уступілі разведчыкі 4-ай ударнай арміі. 5 ліпеня мястэчка Баравуха было вызвалена.

Падчас аднаго з паветраных баёў у раёне станцыі Баравуха экіпаж у складзе малодшага лейтэнанта Мікалая Уладзіміравіча Будакова і старшага сяржанта Аляксандра Яфрэмавіча Яфіменкі паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы, скіраваўшы свой палаючы самалёт на нямецкія чыгуначныя саставы. На будынку станцыі Баравуха усталявана мемарыяльная дошка ў памяць пра подзвіг лётчыкаў-герояў.

          Малодшы лейтэнант Мікалай Уладзіміравіч Будакоў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Старшы сяржант Аляксандр Яфрэмавіч Яфіменка – ордэнам Айчыннай вайны II ступені.