Партызанскі рух

На тэрыторыі Баравухі-1 дзейнічалі партызанскія фарміраванні: атрад «Баявы» і брыгада «Няўлоўныя».

Атрад «Баявы» быў сфарміраваны ў лютым 1942 г. у Маскве з ліку працоўных і служачых маскоўскіх прадпрыемстваў, студэнтаў і выкладчыкаў інстытута фізкультуры, якія ў дні вайны ўступілі самаахвотнікамі ў шэрагі Чырвонай Арміі. Камандзірам атрада «Баявы» з'яўляўся Няклюдаў Валянцін Леанідавіч. За час дзейнасці атрада ў раёне Баравухі-1 яго ўдзельнікамі было падарвана 125 эшалонаў, пабіта і пашкоджана 1058 вагонаў, 102 паравозы, падарвана 25 чыгуначных мастоў, збіты 1 самалёт, падарвана 8 танкаў, падарвана 3 воданапорныя вежы, 16 складоў, праведзены 31 бой, забіта і паранена 224 нямецкіх салдат і афіцэраў, 77 узята ў палон, разгромлена 2 гарнізоны. 

Камандаванне атрада «Баявы» вырашыла ўсталяваць сувязь з вязнямі канцлагера Шталаг №354. Ставілася задача па магчымасці данесці жыхарам акупаваных раёнаў і ваеннапалонным праўду пра становішча на фронце. Выбар упаў на падлетка Дзмітрыя Патапенку, які сам употай прыносіў зняволеным ежу, перадаваў звесткі, пачутыя па радыё, і лістоўкі. Дзмітрый стаў разведчыкам і сувязным атрада «Баявы». Па даносе здрадніка немцы схапілі Дзмітрыя. Яго доўга і жорстка катавалі, але прызнання не дамагліся. Дзмітрый памёр ад пабояў.

           У сакавіку 1942 г. 29 чал. на чале з Міхалам Сідаравічам Пруднікавым былі закінуты ў глыбокі тыл ворага – пад Полацк. Яны склалі аснову партызанскай брыгады «Няўлоўныя», якая дзейнічала ў раёне Баравухі-1. Удзельнікамі брыгады было падарвана 511 эшалонаў, узарвана 104 масты, збіта 10 самалётаў, разгромлена 8 гарнізонаў, Партызаны брыгады «Няўлоўныя» вызвалілі з лагераў больш за 1000 чалавек, выратавалі ад згону ў Германію выхаванцаў двух дзіцячых дамоў.