Узвядзенне Полацкага ЎРА

У 1924 г. штаб Заходняй ваеннай акругі пачаў распрацоўку праекта Полацкага ўмацаванага раёна. У 1938 г. агнявая сістэма ПоУРа налічвала 263 кулямётныя агнявыя кропкі на 452 станковыя кулямёты і 10 супрацьтанкавых агнявых кропак узброеных 45 мм гарматамі ў вежах танкаў Т-26.

Агнявыя кропкі каля м. Чарнаручча і населенага пункта Вяснянка будаваліся па праекце Івана Восіпавіча Бялінскага. Яны былі двухпавярховымі і мелі восем амбразур, размешчаных у два ярусы. Аддаленне агнявых кропак адна ад адной у 1-1,5 км дазваляла падтрымліваць паміж імі агнявое ўзаемадзеянне. Пры праектаванні УСУ РСЧА сыходзіла з разліку, што сцяна таўшчынёй 1,5 м і пакрыццё столі ў 1 м бароніць ад 152 мм фугаснага снарада. Столь мела з унутранага боку пакрыццё з лістоў жалеза, што засцерагала гарнізон збудавання ад асколкаў бетону.

Для маскіроўкі прадугледжваўся штучны лес ці лес натуральны з высечкай прасек. Асвятленне ДОТаў меркавалася праводзіць з дапамогай пераносных лямпаў з сілкаваннем ад АКБ ці акумулятарнымі ліхтарамі. У двухпавярховым ДОЦе на ніжнім (падземным) паверсе абсталявалася газасховішча і прадугледжваліся нары для адпачынку асабовага склада. У сцяне была ніша, у якую выходзілі паветраводы і фільтры, што прыводзяцца ў дзеянне мяхамі. У ДОЦе таксама выраблялася студня з помпай.

           У 1939 г., у сувязі са зменай дзяржаўнай мяжы, было вырашана баявыя збудаванні, пакінутыя ў тыле УРаў, закансерваваць.